МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для апрацоўкі метал. загатовак рэзаннем з мэтай надання ім патрэбных форм, памераў і якасці. Мае рэжучую частку, калібравальную (пры неабходнасці надання апрацаванай паверхні высокай дакладнасці) і далучальную частку (у выглядзе стрыжня, хваставіка і інш.). Бывае лязовы і абразіўны, станочны і ручны.

Лязовы М.і. павінен мець характэрную геаметрыю рэжучага кліна і дастатковую трываласць. Рэзальнымі элементамі абразіўнага інструменту з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Станочны М.і.: разцы такарныя, стругальныя і даўбёжныя; свердлы, зенкеры, разгорткі, фрэзы агульнага прызначэння і фасонныя; працяжкі і прашыўкі; разьбанаразны інструмент, зубарззны інструмент, абразіўны. Ручны М.і.: нажоўкі, напільнікі, шаберы, зубілы і інш. Канструкцыйна М.і. бывае хваставы (свердлы, працяжкі) і насадны, суцэльны (зроблены цалкам з рэжучага матэрыялу), састаўны (рэжучыя элементы злучаны з корпусам зваркай, паяннем, склейваннем) і зборны (рэжучыя элементы мацуюцца да корпуса механічна; найб. эканамічны ў серыйнай і масавай вытв-сці), з нерухомым рэжучым кантам і вярчальныя (ратацыйныя). Паводле матэрыялу рэжучай часткі М.і. бывае стальны (з інстр. вугляродзістай, нізкалегіраванай і хуткарэзальнай сталей), цвердасплаўны, металакерамічны, аснашчаны дысперсійна-цвярдзеючымі сплавамі і звышцвёрдымі матэрыяламі (прыроднымі і штучнымі алмазамі, кампазітамі на аснове кубічнага нітрыду бору і інш.).

На Беларусі М.і. вырабляюць Мінскі, Барысаўскі, Аршанскі інструментальныя, Гомельскі і Мінскі з-ды спец. інструменту і тэхнал. аснасткі і інш. Спец. рэжучы інструмент для ўласных патрэб робяць буйныя маш.-буд. з-ды ва ўласных інстр. цэхах.

Літ.:

Металлорежущие инструменты. М., 1989;

Родин П.Р. Металлорежущие инструменты. 3 изд. Киев, 1986;

Шагун В.И. Режущий инструмент: Основы теории проектирования. Мн., 1998.

В.І.Шагун.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)